Музыка эпохі Рэнесансу і Барока гучала ў Пінску

Музыка эпохі Рэнесансу і Барока гучала ў Пінску

У верасні бягучага года ўпершыню ў нашым горадзе адбудзецца рэгіянальны фестываль музыкі даўніны “Старажытныя ўзоры”, прысвечаны 920-годдзю Пінска. У рамках фестывалю 26 мая адбыўся канцэрт, у якім прынялі ўдзел навучэнцы і настаўнікі дзіцячых школ мастацтваў горада.

Сімвалічна, што музыка эпохі Рэнесансу і Барока гучала менавіта ў гарадской канцэртнай зале (былы касцёл Карла Барамея), помніку архітэктуры ў стылі барока. Узвышанасці і ўрачыстасці мерапрыемству надаў узорны дзіцячы ансамбль танца «Гарэзлівыя шляхцюкі» Пінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў. Юныя ўдзельнікі ансамбля выступілі на вуліцы, каля ўвахода ў канцэртную залу, і сваім цудоўным выкананнем шляхецкага танца заслужылі шчырых апладысментаў гледачоў.

Канцэрт атрымаўся вельмі цікавым і змястоўным. Былі прадстаўлены як ансамблі, трыа, так і сольныя выканаўцы на розных музычных інструментах – скрыпках, раялі, цымбалах, флейце, лютні, акардэоне. Гучалі творы Баха, Вівальдзі, Кванца, Альбіноні, Гендэля, Карэллі, Кларка, Эрнста Готліба Барона, Сільвіуса Леапольда Вайса, Жана Філіпа Рамо і іншых кампазітараў.

Адкрываў праграму дзіцячы ансамбль старажытнай музыкі “Сальтарэла” (кіраўнік – Юрый Дубнавіцкі). Гэты калектыў добра вядомы на Піншчыне. Яго адметная асаблівасць – выкарыстанне дакладных копій гістарычных музычных інструментаў эпохі Рэнесансу і Барока, такіх, як лютня, лютня-тэорба, арфа, віола. Канцэрты ансамбля праходзілі ў многіх гарадах Беларусі і за яе межамі, ўдзельнікі калектыву з’яўляюцца лаўрэатамі прэстыжных конкурсаў. Таксама з увагай слухалі прысутныя музыку ў выкананні ансамбля скрыпачоў (кіраўнік – Эльвіра Вярэніч), народнага струннага квартэта пад кіраўніцтвам Вікторыі Шуляк, дуэта флейцістаў Вікторыі Палхоўскай і Аліны Барычэўскай (настаўнік – Людміла Ганчар).

Запомніліся яскравыя выступленні вучаніцы 2 класа дзіцячай школы мастацтваў №2 Сафіі Бут-Гусаім, вучаніцы 2 класа дзіцячай школы мастацтваў Валерыі Панінай, вучаніцы 6 класа дзіцячай школы мастацтваў Кацярыны Конюхавай, вучня 4 класа дзіцячай школы мастацтваў Стэфана Ясінефты, вучаніц 7 класа дзіцячай школы мастацтваў №2 Кацярыны Вершаловіч і Марыі Дунько, вучаніц 6 класа дзіцячай школы мастацтваў Дар’і Мазырко і Ангеліны Бохан, вучня 4 класа дзіцячай школы мастацтваў Аляксандра Мінько і іншых. Завяршэннем насычанай праграмы стала выступленне камернага аркестра пад кіраўніцтвам Аксаны Макарэвіч.

Цікавасць да музыкі эпохі Барока – не выпадковая з’ява. Як і сама эпоха, музыка дынамічная, поўная кантрастаў, але пры гэтым надзвычай гарманічная і цэласная. Яе выкананне не толькі ўзбагачае рэпертуар выканаўцаў, але і ўнутраны свет усіх, хто яе слухае. Несумненна, канцэрт старажытнай музыкі стаў цікавай культурнай падзеяй ў жыцці горада над Пінай.

  • 09:52
  • 571
Нет комментариев. Ваш будет первым!