Навучэнка Пінскага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці Надзея Латышэвіч атрымала ўзнагароду абласнога конкурсу «Проба пяра»

Навучэнка Пінскага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці Надзея Латышэвіч атрымала ўзнагароду абласнога конкурсу «Проба пяра»

На базе ўстановы адукацыі «Маларыцкі дзяржаўны прафесіянальны ліцэй сельскагаспадарчай вытворчасці» прайшоў трэці (заключны) этап абласнога конкурсу «Проба пяра» сярод навучэнцаў устаноў прафесіянальнай адукацыі.

Урачыстае мерапрыемства адкрыла загадчык кабінета Брэсцкага абласнога вучэбна-метадычнага цэнтра прафесіянальнай адукацыі Наталля Шумская. Яна звярнулася да прысутных навучэнцаў і выкладчыкаў са словамі падзякі за плённую працу, пажадала ўсім поспехаў у конкурсе і творчых дасягненняў у будучым.

Нягледзячы на малады ўзрост, канкурсантам было чым здзівіць кампетэнтнае журы з ліку выкладчыкаў Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна. Са сцэны гучалі вершы, байкі, эсэ, нататкі падарожніка, ліст да сяброўкі на рускай і беларускай мове.

– Пінскі дзяржаўны прафесіянальны ліцэй сельскагаспадарчай вытворчасці прадстаўляла на конкурсе навучэнка 2 курса групы 23 Надзея Латышэвіч. За паспяховае выступленне яна была адзначана Дыпломам III ступені, – расказвае выкладчык ліцэя Т.С. Факадзей. – Творчая работа Надзеі «Адрас сустрэчы – Піншчына» прадстаўляе сабой нататкі падарожніка, які апынуўся на Палессі. Аўтар апісвае архітэктурныя помнікі Піншчыны, наведвае парк Дубае, літаратурны музей ластаўкі беларускага Палесся Яўгеніі Янішчыц у в.Парэчча, спыняецца ў пасёлку Лагішын каля ўнікальнага суседства двух храмаў: праваслаўнага і каталіцкага, а таксама не мінае сталіцу Палесся – старажытны Пінск.

Варта адзначыць, што будучая прафесія Надзеі «Аператар ЭВМ, прадавец» ніяк не звязана з літаратурнай дзейнасцю, таму прыемнае ўражанне засталося ад яе першых творчых крокаў. Па выніках конкурсу Надзея атрымала заслужаную ўзнагароду і цёплыя словы падзякі ад дырэктара Брэсцкага абласнога вучэбна-метадычнага цэнтра прафесіянальнай адукацыі Дзмітрыя Шкілюка.

– Хочацца верыць, што ўдзел у конкурсе «Проба пяра» пакінуў Надзеі Латышэвіч зарад бадзёрасці, добры настрой, новых сяброў, а галоўнае – у яе не знікла жаданне пісаць, тварыць, марыць, рабіць крокі да новых дасягненняў на літаратурнай ніве, – адзначае С.Т. Факадзей. – Пажадаем ёй поспехаў!

  • 09:53
  • 572
Нет комментариев. Ваш будет первым!